Паход Удзела - Мосар
Традыцыйна напрыканцы навучальнага года вучні нашай школы адпраўляюцца ў вандроўкі па родным краі. 31 мая ў паход да Мосара накіраваліся вучні 6-8 класаў. Добрае надвор’е і выдатны настрой спрыялі падарожжу. Шлях ляжаў праз гару з самым высокім у Беларусі крыжам – 24 метры, а важыць ён каля 10 тон. Усталяваны крыж быў да 490-годдзя Мосара. У добрае надвор’е яго можна ўбачыць за 23 кіламетры. Крыж зроблены з металу, больш устойлівага да перападу тэмператур, чым дрэва.
Наведалі і мосарскія крыніцы, вада ў якіх утрымлівае карысныя мінералы і лічыцца гаючай. Дарога да крыніц уяўляе сабой "ружанцовую алею" – сцяжынку з капліцамі ўздоўж яе. Экскурсавод Марына Раманаўна ў музеі этнаграфіі распавяла нам пра старыя рэчы, якімі калісьці карысталіся мясцовыя жыхары. Сярод экспанатаў былі сапраўды ўнікальныя, якія мы бачылі ўпершыню. Другі музей – антыалкагольны. Сваім функцыянаваннем абодва музеі абавязаны былому ксяндзу-пралату Юозасу Бульку.