Без хлеба сыты не будзеш
У чацвер 19 снежня ў рамках правядзення Школы Актыўнага Грамадзяніна “Маладосць – час выбару. Прафесійнае самавызначэнне” вучні нашай школы наведалі Глыбоцкі хлебазавод. Нас гасцінна сустрэла і правяла экскурсію мікрабіёлаг Гусева Алена Уладзіміраўна. У музеі “Дарога хлеба” прадстаўлены экспанаты былой Вярхнянскай школы (там быў музей хдеба і льну), а таксама сабраныя самімі завадчанамі. Ёсць старадаўнія прылады працы, з дапамогай якіх беларусы здабывалі і апрацоўвалі калоссе, перамолвалі зерне на муку, імпавізаваная печ, куфар ХІХ стагоддзя, розныя формачкі для цеста. На стэндах – інфармацыя па гісторыі прадпрыемства, пра былых працаўнікоў і кіраўнікоў. Алена Уладзіміраўна расказала пра тэхналогію выпякання хлеба, потым мы прадэгусціравалі прадукцыю завода: хлеб з семкамі, батон з разынкамі, сухарыкі…
На завод працаўладкавацца можна з 14 год. А калі хто зацікавіцца прафесіяй, то вышэйшую адукацыю можна атрымаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій (тэхналогія хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў), а сярэднюю спецыяльную ў Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы (вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання), Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы (тэхналогія хлебапякарнай, макароннай і кандытарскай вытворчасці), Маладзечненскім дзяржаўным політэхнічным каледжы.