Урок памяці
Урок памяці
15 лютага 2023 года споўнілася 34 гады з моманту вываду Савецкіх войск з Афганістана. Нямала вады сплыло з таго часу. Паціху зажылі раны, узмужнелі, сталі мудрэйшымі, састалелі салдаты і афіцэры. Але толькі памяць аб далёкай афганскай вайне жывая.
18 лютага прайшла сустрэча вучняў, педагогаў з воінам-інтэрнацыяналістам Федаровічам Ігарам Уладзіміравічам. Ён з тых, хто добра ведае, што такое вайна.
Вядучыя Лаўрыновіч Дар’я і Развадоўская Наталля падрыхтавалі для прысутных гістарычную даведку пра падзеі тых гадоў. Прагляду быў прапанаваны відэаролік “Пароль -Афган”, які стаў сюрпрызам для госця: Ігар Уладзімірач у кадры ўбачыў сябе, маладога байца, сапёра-дэсантніка.
Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі.
Адказваючы на пытанні вядучых, Ігар Уладзіміравіч расказаў пра падзеі таго часу, ваенны быт, кліматычныя ўмовы.
“Афганістан – краіна кантрасту. Днём невыносная спякота, да 50 градусаў, нашы рэчы сохлі амаль у нас на вачах. А ноччу ў гарах холадна, вось вам і надвор’е” – падзяліўся успамінамі Ігар Уладзіміравіч.
У час службы Ігар Уладзіміравіч забяспечваў суправаджэнняе калон па усё тэрыторыі краіны, размініраванне дарог уваходзіла ў прамыя абавязкі госця на працягу амаль усяго тэрміну службы.
Ігар Уладзіміравіч расказаў, што пасля службы працаў інжынерам у калгасе “ХХІІ партз’езд”, вучыўся ў Гарадоцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, працаваў інспектарам. А потым узначальваў аддзяленне Дзяржаўтаінспекцыі Глыбоцкага РАУС, зараз працуе вадзіцелем групы тылавога забеспячэння ў раённым аддзеле Дэпартамента аховы.
Урок памяці прайшоў у цёплай, добразычлівай атмасферы.
У канцы размовы Ігар Уладзіміравіч зазначыў, што вайна – гэта страшна, але яна прымушае чалавека інакш паглядзець на сваё жыццё, многаму вучыць. Вучыць даражыць мірным небам, цаніць жыццё, сяброўства, каханне, берагчы адзін аднаго і заўсёды ў любых абставінах заставацца чалавекам.
Ткачонак Ю.І., педагог-арганізатар